На офісе пачалі спрачацца: якая Радаўніца "хрысьціянская"? Каталікі кажуць, что 1 лістапада, Дзень Усіх Святых. Праваслаўныя кажуць, што вясновая "царкоўная", бо "побач з Вялікаднем", а таму восеньская - паганская. Запыталі мяне - ага, знайшлі спецыяліста!
чытаць далей
Спачатку прыйшлося нагадаць спадарам праваслаўным, што ёсьць такі дзень: Міхалава субота, якая таксама прызначана для наведвання могілак, і бывае яна як раз амаль тады ж, калі і Дзяды восеньскія. А да таго ж, абодва святы маюць карані старажытныя, ячшэ дахрысьціянскія. І, магчыма - хто ведае зараз? - традыцыя з'вілася, калі хрысціянства як рэлігіі яшчэ ўвогуле не было.
Калісьці мы, у дзяцінстве, пыталі аб гэтых Дзядах-Радаўніцах у нашай пра-прабабкі, дык яна нам аб тым, чаму яны ўвогуле існуюць, распавяла цікавае паданне.
Пра-прабабка мая была жанчына, якая яшчэ дзіця свё першае нарадзіла ў 19 стагоддзі, ды й жылі яны з пра-прадзедам даволі ізалявана, у леснічоўцы сярод балота і лесу, таму – так мяркую - яе апавяданне можна лічыць за даволі "аўтэнтычнае".
Яна адказала нам гэтак: што па-сапраўднаму трэба хадзіць на сустрэчу з дзядамі і ўвосені, і вясною, абодва святы “правільныя”, толькі сэнс у іх крыху розны. А які - гэта ячшэ яе бабка ёй тлумачыла. І вось якім чынам:
Куды ляцяць у восені птушкі? Вядома, па-беларуску на гэтае пытанне адказаць лёгка: “Птушкі ляцяць у вырай”. Але што гэта ўвогуле за месца такое:“Вырай”? На сам рэч, гэта ўсім зараз вядомы “Рай”. Бабка тлумачыла: Вырай – гэта цудоный край, што ляжыць “за нябёсамі”, там заўсёды цёпла, утульна і спакойна. Гэта краіна нашых памерлых. І ўвогуле, гэта родны дом людзей: яны з Выраю на зямлю прыходзяць, калі нараджаюцца, і на зямлі толькі “госьці”, а потым, калі паміраюць, дык гэта на сам рэч “вяртаюцца дадому”. (І трэба зазначыць: тут, нават у бліжэйшых да горада вёсках, таксама захаваліся рэшткі гэткіх поглядаў: даволі часта пра каго-небудзь кажуць “Дамоў збіраецца”, “Дамоў пайшоў у тым годзе”, а на самой справе трэба гэта разумець як: “Можа хутка памерці”, “У тым годзе памер”).
Ну і вось: У восені, калі адлятаюць у вырай птушкі, разам з імі адлятаюць у Вырай і душы продкаў. Бо зіма – гэта такі час, калі розным духам на зямлі і асабліва сярод людзей няма месца і няма справы. Нячысьцікі: русалкі, лесавікі, вадзяінікі – тыя ўсе на зіму хаваюцца: у зямлю, у дрэвы, у ваду – хто дзе жыве. І там засынаюць. Бо ім нічога больш не застаецца і няма куды шчэ падацца.А вось “чыстыя” духі –тыя адлятаюць на неба, у Вырай, на “птушыных крылах”. (Вось тут мы наконт гэтых “птушыных крылаў” пыталі-пыталі, але бабка сама ня ведала, як дакладна: ці то гэта значыць, што птушкі дзядоў на сабе вязуць, ці то маецца на ўвазе, што тыя ўласна ў птушак ператвараюцца. Яна думала-думала і ўрэшт адмахнулася: “А хто як сам захцэ!”).
Вось таму й атрымліваецца: мы павінны пайсьці на могілкі ў восені, калі птушкі адлятаюць у вырай, каб развітацца з Дзядамі, бо яны адлятаюць ад нас “дадому”.
Хоць бабка і дадала, што, зразумела, яны могуць і ўзімку з’яўляцца і прыходзіць да каго-небудзь, калі вельмі трэба, але ўсё ж такі ў асноўным “адпачываюць”.
А калі надыходзіць вясна, то снег растае, і ўсялякія нячысьцікі таксама прачынаюцца і зноў з’яўляюцца сярод людзей. І гэтак жа душы продкаў зноў вяртаюцца да нас з Выраю разам з птушкамі.
А навошта вяртаюцца? Бабка адказала ня вельмі зразумела, бо, пэўна, і сама ня ведала дакладна. Яна пачала казаць, што ўлетку “дзяды” займаюцца тым, што “за парадкам даглядаюць”, абараняюць людзей ў лесе й на балоце ад нячысьцікаў, і “робяць ураджай”. Наконт апошняга: “як гэта – робяць?” пачала тлумачыць: дапамагаюць раслінам розным добра расьці, праганяюць людзей і жывёлу, калі яны прыходзяць у поле ў той час, калі ім там лепей ня быць (напрыклад, калі “колас завязваецца” і яны могуць сваёй прысутнасьцю перашкаджаць гэтай таямнічай справе), ці ўвогуле калі гэты нехта прыйшоў з намерам папсаваць расліны і ўраджай. Таксама Дзяды назіраюць за станам поля і своечасова “просяць бога” даслаць дождж ці разагнаць хмары – адпаведна таму, калі што трэба. (Цікава, што гэткія ж функцыі, як мне напаткалася ў фальклёрных даследваннях, таксама надаюць русалкам. Бо ў славянскім фальклёры русалкі не абавязкова з хвастом і ля вады, але таксама маюць амаль чалавечы выгляд і сустракаюцца на палях і на ўскрайку лесу. І па некаторых прыкметах - як было напісана ў тым артыкуле – можна здагадацца, што русалкі першапачаткова, у далёкай-далёкай старажытнасьці, уласна і былі ўвасабленнем духаў продкаў.) У сувязі з тым, што Вырай - месца, дзе нараджаецца душа чалавека, а птушкі вясною вяртаюцца адтуль, бабка і казала: "Вось таму і лічаць, што дзяцей бусел прыносіць", маўляў, буслы прыносяць з Выраю новыя душы, каб дзеці нарадзіліся. (Калі ўзагадаць, што найлепшым часам для вяселля звычайна лічыцца восень, а таму больш за ўсё першых у сям'і дзяцей родзіцца вясной, дык усё вельмі добра адно пад адно падыходзіць)
Такім чынам паводле гэткіх паданняў: у нашых мясьцінах абодва гэтых абавязковых наведванняў могілак існуюць здаўна, вельмі старажытныя, і абодва - яшчэ дахрысьціянскія.
@настроение:
задумлівае
@темы:
обычаи,
фольклор,
воспоминания
А мне зіма не падабаецца, таму што холадна
Але ёсьць таксама цікавая тэорыя, згодна з якой людзям больш за ўсе не падабаецца той час года, які знаходзіцца бліжэй да іх дня нараджэння і падабаецца супрацьлеглы: быццам "жыццевая энергія" змяняецца напрацягу года і яе найвышэйшы ўзровень прыпадае на час, што знахозіцца на супрацьлеглым баку "кола", а бліжэй да дня нараджэння яе узровень найменьшы. Ведаю некалькі чалавек, якія цалкам гэтай тэорыі адпавядаюць (у тым ліку я асабіста). Але з большага імкнуся абыходзіцца ўва ўсім матэрыялістычнымі тлумачэннямі